25 мая 2023 г. адбыўся канцэрт з цыкла “Нацыянальная музычная спадчына Беларусі”, які завяршыў вясновы сезон інтэрактыўных музычных лекцый-канцэртаў у Нацыянальнай бібліятэцы і адначасова анансаваў праграму будучага сезона.
У выкананні розных складаў музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прагучалі творы некалькіх эпох і жанраў. Так, харавы састаў прадставіў творы на музыку Л. Сімаковіч і В. Раінчыка. Струнны квартэт выклікаў захапленне гледачоў, сыграўшы творы К. Гігевіч, А. Казлоўскага, А. Літвіноўскага.
Сачыненні С. Манюшкі, М.К. Агінскага, Ю. Семянякі выканала жаночае вакальнае трыа ў суправаджэнні струннага квартэта, а таксама салісты капэлы – сапрана і барытон – у суправаджэнні фартэпіяна. Мультыінструменталіст Кацярына Радзівілава як заўсёды эмацыйна і пранікнёна выканала беларускія народныя песні, суправаджаючы спевы ігрой на аўтэнтычных інструментах (гуслі, дуда). Жаночы састаў хору прадставіў калядную сцэну “Каза” кампазітара Ларысы Сімаковіч для жаночага хору, скрыпкі і фартэпіяна.
Арганізатары цыкла: Музычная капэла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, аддзел музычна-выканальніцкага мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, навукова-творчае аб’яднанне “Facultatis” Беларускага саюза музычных дзеячаў.
Мастацкі і навуковы кіраўнік праекта – кандыдат мастацтвазнаўства Галіна Паўлаўна Цмыг.
- 20 снежня – “На Раство Хрыстова анёл прыляцеў”
- 26 студзеня – “Зайграй жа мне, дударочку, а я патанцую”
- 23 лютага – “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына”
- 30 сакавіка – “Прынашэнне Маці Божай”
- 27 красавіка – “Талака”
- 25 мая – “Музычная капэла”
- 28 верасня – “Гануся, сардэнька, маё ты каханне”
- 26 кастрычніка – “Перад вамі спяваем старадаўнім звычаем”
- 30 лістапада – “Музыка беларускай сядзібы”
Уваход вольны (пры наяўнасці чытацкага білета або пропуску сацыякультурнага цэнтра).